АФИША СОБЫТИЙ


Расписание паб-клуба Граффити









British wave lovers gig, клюб "Арена"


BRITISH WAVE LOVERS GIG” – пад такой назвай 15 кастрычніка ў клубе “АРЕНА” адбыўся канцэрт з удзелам гуртоў MILQUE TWINS, JITTERS, HAIR PEACE SALON, KROK і KARAVAN. Сцены клуба пакрыты малюнкамі паўразбураных портыкаў, стылізаваных ордэраў і антычных храмаў. Гэты візуальны рад неўзабаве ўплёўся ў музычныя гісторыі, якія распавядалі са сцэны гурты.

MILQUE TWINS распачалі канцэрт з жудасна выкананага кавера MUSE. Абы як выведзены гук усіх інструментаў ператварыў арыгінальны гіт MUSE у нейкую лажовую кашу. Гітары, што вяла асноўны рыф, ня было чутна ўвогуле. Вакал спяваў нешта зусім ня па тых нотах. Карацей кажучы, нейкі бяззубы ды бязвокі вырадак атрымаўся. А ідэя была добрая – з хады размачыць натоўп гайдавым гітом MUSE. Але затое кавер RADIOHEAD, гучаўшы трохі пазней, быў выкананы вельмі годна.
Далей, калі гурт выконваў свае песні, то гучаў больш упэўнена. Цікава было слухаць ды разгадваць іх змрочна-нойзава-псіхадэлічныя рытмавыя малюнкі. Сваім гітарным шумам, ды манатоннымі пераходамі паміж песень яны нагадвалі мне ці то SONIC YOUTH, ці то BIRTHDAY PARTY, ці то кагосьці пост-рокавага. Напачатку адной з песень выступ прыпсаваў адключыўшыйся мікрафон, знішчыўшы на карані ўсю інтрыгу нойзавага пераходу паміж песень. Вымушаны былі распачаць ізноў, але створаны настрой успрыяцця быў ужо ўшчэнт збіты.
У цэлым адчуванні ад гурта засталіся даволі смутныя. Час ад часу напруджваў рыскаючы па нотах вакал, і бубнач штосьці там блытаў пару-тройку разоў. Але відавочна, што хлопцы маюць няблагі патэнцыял, добры музыкальны густ ды жаданне рабіць складана і цікава, але, пакуль ня песцяць гэтакім жа годным выкананнем.
Такім чынам гісторыя ад MILQUE TWINS атрымалася аб бюстах, ад якіх засталіся толькі вушы, ды аб ардэрах, ад якіх засталіся толькі смоўжы. Распавялі міф, ад якога захаваліся толькі некалькі слоў на нейкім памерлым няперакладальным прыслоўі. Навялі хомару, зрабілі загадкавыя твары, ды сыйшлі.

Следам на сцэну падняліся JITTERS і растлумачылі, што разагадка ідэальнай антычнай прыгажосці - у прастым рытму, які складаецца з выразнай гітарнай асновы, змацаванай кропкавымі барабаннымі ударамі. За тым - філігранна вывастраныя сола, маляўнічыя збіўкі і таніроўкі паўпразрыстым бэк-вакалам. А над усім тым - неверагодна эмацыйны вакал.
JITTERS, якія вярнуліся да свайго класічнага гучання пасля вельмі цікавага выступу ў клубе “ГРАФФИТИ” - гайдалі зал драйвовым пазітывам. Дарэчы, амаль на кожным сваім канцэрце яны нешта дадаюць, ці нешта трохі змяняюць у аранжыроўках, такім чынам слухаць кожны раз цікава. Чаго доўга распавядаць – хлапцы, насычаючы свае патэнцыйна гітовыя песні цікавымі і смачнымі дэталямі, ды нарошчваючы майстэрства, планамерна рухаюцца да прэзентацыі свайго сінгла “Pick Me Up”. Слухачы, сустракаўшыя апладысментамі ды воклічамі іх песні, так сама ня пакідалі сумненняў, што чакаюць ад JITTERS вялікага сольніка.
Асобна трэба адзначыць іх цяперашняга бубнача. Што ён вытвараў, што вытвараў!!! Так віртуозна, як ён, пад час канцэрту ніхто больш ня граў! Так павольна і лёгка ў яго выходзіла. Ён ня проста адбіваў такт, ён хупава ўвіўся ў тканіну песень збіўкамі ды пераходамі ў строга неабходных месцах. Ня граму ня перацягваючы на сябе “коўдру”, ня даючы ні цені сумнення ў кожным гуку, пакідаючы магчымасць толькі слухаць у захапленні.
JITTERS выканалі каверы DOVES і SNACKER PIMPS.


HAIR PEACE SALON і JITTERS вельмі часта граюць разам канцэрты. Арганізатары розных канцэртаў ставяць іх у рознай паслядоўнасці. А з матэматыцы вядома, што ад перамены месцаў складнікаў сума ня зменьваецца, з гэтымі гуртамі тая ж гісторыя. ))) Абодва гурта вельмі годныя, і як іх ня ператасоўвай, усё роўна атрымоўваецца кайфовы канцэрт.
На гэты раз HAIR PEACE SALON былі болей жорсткія па гучанню за звычайнае, ды тым болей за тое, што можна пачуць на іх PROMO запісу. Былі болей цяжкія ды нават злыя. Рубілі ды малацілі што тыя металюгі. Але, ня гледзячы на жорсткае гучанне, як і заўсёды, паказалі даволі разнастайны матэрыял - ад лірычных кампазіцый з сентыментальна-наіўнымі гітарнымі сола, да забойна-гранжавых.
Выдатна валодаючы асновамі, хлапцы адразу рынуліся распавядаць пра гарадскія краявіды, пра адзінкавыя начныя шпацыры па мокрым маставым ды па пустым пляцам. Пра выключаныя фантаны, у прахалоду вады якіх акунаюць галовы стомленыя тусоўшчыкі. Пра ўтульныя мястэчкі, дзе прыемна сустракаць світанак удзвюх … і пра агністы дождж, які вось-вось накрые, ды пахавае ўсё гэта …
З кавераў, HAIR PEACE SALON сыгралі TRAVIS (пагаліўшы яму чэрап, набіўшы там татух, ды адзеўшы яго ў military). А вось скончылі выступ вялікай неспадзеўкай - распачаўшы афігенна эмацыйна і ўражліва граць “I Fill You” DEPECHE MODE. Нажаль, у хуткім часе, у гітарыста парвалася струна, у выніку з палову песні згубілася. А такі пачатак быў – проста казка!
Упэўнены, моцны вакал нажаль губляўся сярод іншых інструментаў, з за недагляду гукааператара. У HAIR PEACE SALON вакал вядзе асноўную меладычную лінію, і калі яго ня было чутна, рассыпалася тканіна ўсёй песні. А шкада.


KROK, як і заўжды прафесійна хутка падключыліся і пачалі граць. Напачатку здаліся нейкімі прымітыўнымі і няцікавымі. Немудрагелісты “прамы” рытм, пасля наваротаў HAIR PEACE SALON, выглядаў бледна. Але, ад песні да песні, KROK змяніў меркаванне аб іх. Упэўнішы, што яны вартыя быць паслуханымі цалкам. Давёўшы, што гранж яшчэ жывы ў сэрцах, ды ёсць яшчэ людзі якія ўмеюць яго граць. Тэхнічна ўсё сыграна нармалёва, можа нават занадта добра для гранжу. Хаця, здаецца, нічога асаблівага ў музыцы хлапцы ня робяць. Выкананы кавер COLDPLAY падкрэсліў тое, што прастата музыцы KROK ня абмежавана майстэрствам музыкаў. COLDPLAY у іх выкананні гучаў адметна назве: халодна, але гэта ужо былі ня гульні. Гэта была апошняя мяжа, за якой толькі зіма ды пустэча.
Выразна акрэсленыя гайдавыя песні, лёгка ўспрымальныя і запамінальныя мелодыі. Можа трохі нехапала бруду і істэрыкі на сцэне, а можа і ня трэба. Халодны упэўнены спакой на тварах быццам бы казаў - “попробуй спеть вместе со мной, вставай рядом со мной”. Але гэта ня гучала як гімн сабе, гэта аповесць чалавека прыйшэлага да апошняй мяжы. Прыйшэлага да адказаў на пытанні і перад ім зараз адзінае апошняе: “ДА? Ці НЕ?!”. Ды з гэтым пытаннем ён глядзіць табе ў вочы. Распаліўшы цыгарэту, KROK залез на дах, што будавалі да яго MILQUE TWINS, JITTERS і HAIR PEACE SALON. Стаў на самы ўскраек, зірнуў як ляціць уніз няпатушаная запалка. Стрэс попел, засунуў другую руку ў кішэню, панура ўхмыльнуўся. Павярнуўся да ўскрайка спіною, адзеў цёмныя акуляры і спытаў: “Паліць будзеш?”. No fun.


За тым прыйшоў KARAVAN, усё разваліў, укачаўся ў абломках, ды сыйшоў.
Выступ KARAVAN апасля KROK быў падобны на тое, як слухаецца BUSH апасля NIRVANA. Практычна ўсё тое самае, але чагосці катастрафічна ня хапае, нейкага яркага выбліска ды сваёй хвалі. Такі ж характэрны гранжавы вакал, зрывісты да крыку. Тое самае гітарнае мяса, але якое ня трапеча жыламі ў далонях, як у KROK. Быццам бы ўсё зроблена па правілах, а атрымоўваюцца толькі апошнія курчы. Да таго ж ня стварылася адчування цэласнасці гурта як групы аднадумцаў, выступаў толькі вакаліст, астатнія быццам бы выпадкова стаялі на сцэне. Пад час іх выступу ўжо зусім забылася тэма канцэрту. Я нават ня пачуў якія і калі яны выканалі каверы, неяк аднолькава ўсё гучала.
Хаця народ успрымаў іх нармалёва, падпяваў, ды бурна сустракаў любімыя песні.

Ну і агульныя адчуванні. Гук у зале атрымаўся ня вельмі добры. Гітары і бас увесь час заводзіліся, гук з мікрафону таксама час ад часу кудысьці губляўся, што сапсавала выступ JITTERS, HAIR PEACE SALON і MILQUE TWINS.
Вентыляцыя ў залі клуба ці адсутнічае, ці ня працавала, таму што было так моцна напалена, што напрыканцы канцэрту ня было як дыхаць ды рэзала вочы.

Заяўленая тэма канцэрту і спіс гуртоў выклікалі шмат пытанняў. Якім чынам гранжавыя гурты KARAVAN і KROK суадносяцца з брытанскай хваляй? Бо настрой, ідэя і эстэтыка гранжу ды брыт-року адрозніваюцца. Нават геаграфічнае паходжанне гэтых стыляў супрацьпастаўляе іх адзін аднаму, бо гранж – гэта Сіэтл, а Сіэтл вядома не ў UK. Да таго ж Стары і Новы Свет увесь час спаборнічаюць, і ў музыцы таксама. Можа лепей бы падыйшла да канцэрту назва “Grunge vs Brit-rock”, ды каб на ім брыт-гурты выканалі гранж-каверы, а гранж-гурты – адпаведна наадварот?

Добавлена: 15-10-2006

Автор статьи: СЛЭП
Автор фотографий: СЛЭП
Специально для XLAM.BY

[ вернуться к списку статей ]

!!



афиша фотографии статьи видео аудио группы новости ссылки о проекте форум магазин