АФИША СОБЫТИЙ


Расписание паб-клуба Граффити





http://cms-file.ru/ базы email адресов база e-mail адресов.




Беларускі рок пад забаронай



Адных дзяржава адпраўляе на "Эўрабачаньне", другім забараняе выступаць з канцэртамі ў роднай краіне.

У тым, што дзяржава ўзяла пад поўны кантроль музычную сфэру, мог запэўніцца кожны, хто сачыў за падрыхтоўкай да фэстывалю "Эўрабачаньне". Артыста Калдуна ўзяла пад пільную апеку ня толькі Міністэрства культуры. Дастаткова азнаёміцца з пастановай Савету міністраў ад 16 лютага "Аб стварэньні аргкамітэту па падрыхтоўцы да конкурсу песьні Эўрабачаньне". У гэты камітэт увайшлі віцэ-прэм’ер Аляксандар Касінец, дарадца прэзыдэнта Алег Праляскоўскі, а таксама такія адыёзныя асобы, як Аляксандар Зімоўскі й Юры Азаронак. Апошні ачоліў беларускую дэлегацыю ў Хэльсынкі. Таму ня дзіва, што чыноўнікі не даюць ходу ідэалягічна няправільнай, на іх думку, музыцы. Толькі за апошнія дні ў Беларусі забароненыя тры рок-канцэрты.

Гурты "ZET" і "IQ48" меліся даць вялікі канцэрт у менскім клюбе "Арэна" ў панядзелак. Аднак зь незразумелых прычынаў у дзень канцэрту клюб адмовіў арганізатарам у памяшканьні. Апавядае Лявон Вольскі, які рыхтаваўся ў гэты дзень выйсьці на сцэну "Арэны".

Вольскі: "Літаральна ў апошні момант у клюб затэлефанавалі з упраўленьня культуры Менгарвыканкаму й параілі не праводзіць канцэрт. Сьпехам яго перанесьлі ў "Катакомбы". Не магу зразумець, навошта было тэлефанаваць, гэта ж толькі азлабляе музыкаў ды іх прыхільнікаў. Маглі б заплюшчыць вочы на гэтае мерапрыемства, тым больш яно было непалітызаванае".

Канцэрт усё ж удалося правесьці ў гэты дзень у іншым клюбе. Празь некалькі хвілінаў пасьля яго пачатку да арганізатараў падыйшлі некалькі міліцыянтаў і людзей у цывільным ды запрасілі прайсьці зь імі. Апавядае сам арганізатар імпрэзы.

Антон: "Нас затрымалі, але нікуды не забіралі. Завялі ў пакой у самім клюбе, дзе прысутнічалі прадстаўнікі КДБ й міліцыянты. Склалі пратакол аб арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства з удзелам гуртоў "ZET" і "IQ48". Казалася пра тое, што ёсьць непажаданыя гурты. Яны не забароненыя, але іх публічны выступ непажаданы".

У гэты ж дзень чыноўнікі чарговы раз адмовілі ў правядзеньні канцэрту "Крамы". Канцэрт плянавалася правесьці 30 траўня ў клюбе "Найт стар", але пасьля таго ж тэлефанаваньня зьверху кіраўніцтва клюбу папрасіла ў арганізатараў прабачэньне й адмяніла мерапрыемства. Дырэктар гурта Павал Кашырын зноў наведваў упраўленьне культуры Менгарвыканкаму, якое дае дазволы на правядзеньне культурных імпрэзаў у сталіцы. Чыноўнікі знайшлі новую прычыну, каб адмовіць у правядзеньні прэзэнтацыі новага дыску "Крамы".

Кашырын: "Сказалі, што нізкі мастацкі ўзровень. Гэта сказаў не непасрэдны кіраўнік аддзелу культуры Кураш і не ягоны намесьнік Сабітаў, зь якімі мы мелі размову. Яны спаслаліся на ідэолягаў, якім Кураш даў паслухаць новы альбом "Крамы". Была нават прапанова худсавет склікаць. Для музыкаў гэта абразьліва".

Тым ня менш, як ўпэўніваюць удзельнікі "Крамы", яны маюць намер правесьці канцэрт, нягледзячы на перашкоды. Ён ня будзе шырока анансавацца, але арганізатары прэзэнтацыі раяць сачыць за абвесткамі ў інтэрнэце.

Зь няменшымі праблемамі сустракаюцца арганізатары канцэртаў у рэгіёнах. У Мазыры плянавалася зрабіць вялікі рок-канцэрт з удзелам менскіх гасьцей — гуртоў "Partyzone" і "Indiga". Кажа вакалістка "Indiga" Руся.

Руся: "Увечары перад канцэртам мне патэлефанавалі арганізатары й паведамілі, што нашага выступу ня будзе, бо канцэрт "крышачку забаранілі". Што значыць "крышачку" я не разумею, болей з гэтымі людзьмі я не размаўляла".

Па інфармацыі арганізатараў, канцэрт забараніў намесьнік старшыні гарвыканкаму з красамоўным імем Фэлікс Галюк. Пасьля яго тэлефанаваньня зьнялі ўсе афішы ды зачынілі залю мясцовага ДК. Адзін з завадатараў гэтай акцыі Юрась здолеў дазнацца, што прычынай забароны быў удзел гурта "Indiga". Спробы разабрацца ў сытуацыі ніякага плёну не прынесьлі. Юрась распавядае, як ён хадзіў на прыём да Галюка.

Юрась: "Я хадзіў да яго афіцыйна на прыём. Ён сказаў, што гэта не яго пытаньні, і скіраваў нас у аддзел культуры. Там на нас паглядзелі са зьдзіўленьнем і паведамілі, што ніякага дачыненьня да гэтага ня маюць, бо мясцовае ДК не падпарадкоўваецца гарадской адміністрацыі. І адправілі нас ізноў да Галюка. Намесьніка мэра мы засьпелі на прыступках выканкаму. Ён сказаў: "Ідзіце адсюль, бо вамі зоймуцца іншыя людзі". І пайшоў далей".

На днях пабачыў сьвет новы альбом каманды N.R.M., але Лявон Вольскі ня пэўны, што ягоная прэзэнтацыя пройдзе на тэрыторыі Беларусі. Хіба што ў падземным пераходзе зайграць, жартуе музыка. Што ў гэтай сувязі рабіць айчынным рок-музыкам, на дзейнасьць якіх, па сутнасьці, накладзеная забарона?

Вольскі: "Мне самому сабе хочацца задаць такое ж пытаньне. Атрымліваецца як за Саветамі, але яшчэ болей цынічна. Выйсьце ў правядзеньні кватэрнікаў. Пашыраць замежны ўплыў, ладзіць канцэрты ў іншых краінах — адзінае, што застаецца".

Добавлена: 16-05-2007

Автор статьи: Радыё Рацыя
Автор фотографий: Глобус Беларусі
Первоисточник: Радыё Рацыя



[ вернуться к списку статей ]

!!



афиша фотографии статьи видео аудио группы новости ссылки о проекте форум магазин