АФИША СОБЫТИЙ


Расписание паб-клуба Граффити









Зіма – час слухаць фолк!

Беларуская фолк-музыка – тое, што застаецца актуальным незалежна ад сезону і святочных лічбаў у календары. Таму 8 снежня малы зал к/з “Мінск” запрашае ўсіх аматараў беларускага фолку на фэст з удзелам гуртоў “Госціца”, Guda, “Ліцвіны”. Фэст змесціць у сабе канцэртную частку, а таксама прэзентацыю перавыданняў альбомаў “Архаічныя абрадавыя cпевы” Guda, “Неба і Земля”, “5 сакавіка” “Ліцвінаў” і дзвюх частак “Каляды. Рожство. Шчодрэц” Юры Выдронка.
Крыху інфармацыі пра гурты-удзельнікі, іх планы на выступ і самі альбомы.

Творчы калектыў “Госціца” - адзіны ў Беларусі тэатр аўтэнтычнай і архаічнай музыкі і харэаграфіі, які перайшоў мяжу этнаграфізму і звяртаецца да гледача на сучаснай мове танцу мадэрн. Яго кампазітар, харэограф і рэжысёр Ларыса Сімаковіч: “Мы плануем прэм’еру новай кампазіцыі!Гэта будзе невялічкі спектакль на 15-20 хвілін у жанры фолк-мадэрн-балет пад назвай “Зацірка” (працоўная падназва “Стварэнне матэрыі”). У пастаноўцы акрамя непасрэдных удзельнікаў – А.Варахоўскай, С.Зелянкоўскай, С.Яфімавай – будуць задзейнічаны такія незвычайныя “персанажы” як цымбалы, посцілкі, каровіны званочкі і – стол, на якім і будзе замешвацца зацірка. Таксама слухачоў чакае аўтэнтычны фальклор у выглядзе загавораў, прыгавораў, песень і, канешне ж, пластыка!”

Выканаўцы гурту Guda практыкуюць гарлавы спеў, які паходзіць ад гучнага спеву на адкрытым паветры. Аснову рэпэртуару калектыва складаюць абрадавыя песні – найбольш архаічны пласт традыцыйнай народнай культуры. На канцэрце Guda прадставіць песні, добра вядомыя слухачам, а таксама творы з вясельнай праграмы, што раней не агучвалася альбо агучвалася часткова. Вікторыя Міхно, салістка гурта Guda: “Канцэптуальным падмуркам плыты “Архаічныя абрадавыя спевы” з’яўляецца беларускі абрадавы каляндар. Альбом - вынік амаль 10-гадовай працы гурта, дзе прадстаўлены сапраўдныя пярліны беларускага фальклору. А яшчэ слухачы стануць сведкамі сапраўднай падзеі ў жыцці гурта – у нас чатыры новыя ўдзельніцы!”
Беларускі фолк-гурт “Ліцвіны” граюць у накірунку аўтэнтычнага беларускага фолку. Саліст гурта, фалькларыст і дудар Уладзімір Бербераў: “8 снежня – гэта ўжо не восень, але яшчэ і не сапраўдная зіма. Таму мы выканаем колькі восеньскіх і зімовых песень, як новых, так і ранейшых. Што тычыцца альбомаў “Неба і Земля”, “5 сакавіка”, то яны выдаваліся і раней, на касетах. Цяпер у прыхільнікаў гурта “Ліцвіны” ёсць магчымасць сабраць калекцыю нашых песень з 4 дыскаў! Пяты альбом гурту яшчэ належыць запісаць.”

Юры Выдронак – беларускі музычны дзеяч і фалькларыст, які спрычыніўся да дзейнасці гуртоў "Палац" і "Крыві", ачольваў фальклорны гурт "Юр'я", быў арганізатарам рэспубліканскага фестывалю сучаснага фальклору "Таўкачыкі" (2000, 2004 гг.). Выдронкам было рэстаўравана больш за 50 гадзін гучання аўдыё- і відэазапісаў каляндарна-абрадавай песеннасці Чарнобыльскага рэгіёна. “Альбом у дзвюх частках “Каляды. Рожство. Шчодрэц” сабраў у сабе матэрыял з экспедыцый і рэстаўрацыйных фондаў, а таксама тое, што прыносілі нам людзі на касетах. Але найцікавейшае ў ім – самі выканаўцы, самабатныя народныя спявачкі,” - гаворыць Юры Выдронак.

Даведацца больш падрабязную інфармацыю пра канцэрт і замовіць білеты можна па тэлефонах: + 375 29 649 08 88; + 375 29 766 24 25

Дар’я ГАРОШКА

25 ноября 2007

афиша фотографии статьи видео аудио группы новости ссылки о проекте форум магазин